Сцэнарыст

Андрей Федоренко
100
10
(1 голос)
0 0

Аннотация: Даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося, на базе нашай айчыннай, сусветна вядомай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла ці даччынага адгалінавання. Новая ўстанова павінна была займацца развіццём і папулярызацыяй выключна нацыянальнага кіно. Сказана – зроблена. З назвай доўга не мудрылі, назвалі проста: “FilmBell”, што значыла – фільм прыгожы; падвойная італьянская “эл”, на думку маркетолагаў, прыўносілі сюды павевы вялікага Феліні.

Книга добавлена:
21-01-2024, 12:28
0
163
29
Сцэнарыст
Содержание

Читать книгу "Сцэнарыст"




– Чаму вы так на мяне глядзіце? – спытала яна.

– Хочацца лішні раз пабачыць шчаслівага чалавека. У якога ўсё ладна-складна, якому так шанцуе ў жыцці.

– Гэта – мне?

– Не перадаць, як я вам удзячны. Вельмі, вельмі ўдзячны.

– За гэтую вось распіску?

– У тым ліку. Я ў даўгу перад вамі. У вялікім даўгу.

– Нічога вы мне не вінны.

– Чым вам аддзячыць? – не адставаў ён.

– А зрэшты, ведаеце… Мо і паможаце. Трэба з даволі якаснай кінааповесці зрабіць аўтарскі, пажадана, і рэжысёрскі сцэнарый. А знайсці людзей не магу. Тым больш гэта як бы ваша спецыяльнасць.

Ён запэўніў: зробіць усё, што ў яго сілах, а таксама паабяцаў знайсці рэжысёра:

– Акурат ёсць у мяне адзін на прыкмеце.

“Нябось, уласны сцэнар не калечыў бы”, – падумала Інга. А Вечка працягваў:

– Праўда, тут маюць месца падводныя камяні. Лічу сваім доўгам вас папярэдзіць, як больш вопытны, старэйшы, што гэта марная справа. Усё адно нічога ў вас не атрымаецца. На жаль, тут ніхто ніколі нічога людскага не здыме.

– Чаму вы так думаеце?

– Бо няма ў зямлі сваёй прарока…

– Няма прарока?

– Ну, нельга ж скрыжаваць вужыка і вожыка, – туманна тлумачыў ён.

Інга бачыла, што ён знарок гаворыць гэтай эзопавай мовай, прычым недагаворвае, прыцішае словы, як бы баіцца падслухоўвання. Яна яшчэ паспрабавала, але так і не змагла выцягнуць яго хоць на якую шчырасць. Ён казаў загадкамі. “…Усе бабры дабры, адна выдра паганая… Многа чаго яшчэ наперадзе вас чакае…”

Развітваючыся, Інга не вытрымала і зноў спытала:

– Дык чаму вы так на мяне пазіраеце?

– Я шкадую вас, – проста адказаў ён.

І гэтыя самыя звычайныя словы ад самага звычайнага, чужога чалавека зноў так кранулі яе, што захацелася прытуліцца да яго, як да бацькі, і, можа, паплакаць.

Вытворчая, тэхнічна-студыйная праблема скранулася з месца. З гэтым Інзе адразу ж пашанцавала. Заставаўся штат. Супрацоўнікі. Людзі. Інга, канечне, здагадвалася, як нялёгка ёй будзе, прынамсі, з не чужым ёй рэдакцыйна-сцэнарным аддзелам. Вось як паводзіць сябе з Рытай? Якую яна, з жаночай салідарнасці, пакінула на працы, абнуліўшы загад аб звальненні, хаця пасля здрады на рэдсавеце магла і не пакідаць. Як ставіцца да Камара? Па-сяброўску ці па-начальніцку? Прыніжаны і добры, ён цяпер просіць прабачэння, ловіць кожнае яе слова. Яна і яго пакінула. Выдатна ведаючы, што аддзякай ёй за дабро пры кожным зручным выпадку будзе зло. Людзі любяць кусаць руку, якая дае. Рыта, нябось, ужо цяпер зласлівіць і абгаворвае яе. Не кажучы пра Камара, у якога падвойная крыўда – бо яна нібыта заняла яго месца плюс адхіліла яго “Рамонкавае поле”. Цяпер ён, нябось, думае: яна (г.зн. я, Інга) яшчэ горшая за мяне, адкрыта працягнула сцэнар маладога палюбоўніка. Можа, не толькі думае, а кажа ўслых.

Інга не сумнявалася, што так яно і ёсць. Сама сябе растраўляючы, у думках яна пакорліва, а то і прыніжана, казала ўяўным плеткарам:

“Мне да зняваг не прывыкаць. Пацярпіце. Я тут ненадоўга”. У канцы дня яна зазірнула ў кабінет да Рыты і наляцела на цэлую сходку. Рыта, рэжысёр Скіндзер, Камар сядзелі шчыльна за сталом, ледзь не галава да галавы, перагаворваліся. Калі зайшла Інга, змоўклі. Яна не прыдумала нічога лепшага, як павярнуцца і выйсці. Камар, з грукатам адсунуўшы крэсла, выскачыў следам. Рыта пачала збірацца дамоў.

– Я цябе правяду, – прапанаваў Скіндзер. – Хаця б да метро.

– Калі ты ўжо купіш машыну?

– Пазычу ў каго-небудзь, – адказаў ён. – Ці вазьму каршэрынг.


26

Было пахмурна і вельмі душна. Цяжкая, цяжарная дажджом хмара напаўзала на горад. Вуркатаў, перакочваў камяні далёкі гром на ўскраіне. Скіндзер сказаў, працягваючы размову ў кабінеце:

– …У вас перамена гендырэктараў пастаўлена на паток. Хрушч – Камар – Інга… Засталося толькі табе, – пажартаваў ён. – Дык а хто лепшы?

– Усе лепшыя, – адказала Рыта.

– А як табе Інга?

– Такое адчуванне, што нехта моцна памагае ёй.

“Я нават ведаю, хто”, – падумаў рэжысёр. А ўслых сказаў:

– Цябе вось пакінула. Хаця магла б звольніць.

– Я яе не прасіла.

– Па мне, дык яна самая прыстойная.

– Ага, прыстойная. Асабліва са сцэнарным конкурсам. Аўтар-пераможца, гэты Лагун, ледзь не жыве ў іх. Гэта нармальна?

– У цябе зуб на яе?

– Яшчэ што. Мне проста шкада яе.

– Чаму?

– Таму. Дзе толькі ў вас, у мужчын, вочы. Зрэшты, можа, так ёй і трэба. Неяк, не ў настроі, кінула мне: лепш дзяцей зусім не мець, чым невядома ад каго. Вось ёй самой і вяртаецца.

Рэжысёр нічога не зразумеў. Рыта насмешліва на яго зірнула і не стала тлумачыць. Між тым памацнеў, падзьмуў вецер, кусты нагнула, паляцеў пыл і першыя кроплі дажджу разам з ветрам. Рэжысёр паглядзеў угару. Рыта сцепанула плячамі.

– Парасон ёсць?

– Няма.

– Вось вечна ў цябе…

Яна дастала і раскрыла свой. Яны дабеглі і схаваліся пад круглым дахам ратонды пры ўваходзе ў парк. Вецер не думаў сціхаць. Гром падабраўся бліжэй і прагрымеў над самымі галовамі. Пайшоў спорны дождж, заскакалі бурбалкі на імгненна ўзніклых калюжынах. Ад такога дажджу парасон не паможа ды яшчэ адзін на дваіх.

– Так і будзем стаяць, як школьнікі, – пасміхнулася Рыта. –І дамоў я цябе запрасіць не магу. А сам ты не варушышся. Як ты жывеш? Такі непрактычны? Баз парасона, без машыны, без кватэры? Без нармальнай працы?

Ён, не адказваючы, выцягнуў з кішэні тэлефон.

– Нават без нармальнага тэлефона, – сказала яна.

– Гэта харошы тэлефон. Толькі зарадку не трымае. Падмок некалі.

– Ты што, званіць сабраўся?! – яна выхапілаў яго тэлефон. – Не ўздумай! Ды яшчэ з няспраўнага! У навальніцу не карыстаюцца тэлефонамі!

– Добра, добра, – згадзіўся ён. На носе ў яго вісела кропля.

Можа, сама іх зацішная схованка і разгул стыхіі вакол стваралі ўмовы нейкай блізкасці, нават інтыму, бо Рыта нечакана спытала:

– А што, я сапраўды падабаюся табе? Ты мог бы са мной ажаніцца?

– У мяне ж нічога няма.

– А мне мала трэба. Абы не быў сквапным. Не будзеш?

– З чаго ты ўзяла?

Дождж, як заўсёды, калі ўзнікаюць на калюжынах бурбалкі, ліў як з вядра. Усё паказвала на тое, што будзе ён зацяжным. Рэжысёр выцягнуў з-пад даху ратонды руку, адняў назад і выцер, мокрую, аб джынсы.

– Спяшаешся? – спытала Рыта.

– Тут недалёка.

– Да дзеда свайго? Што ў вас з ім агульнага? Мне здаецца, ён такі нецікавы. Проста ўвасабленне шэрасці і нуды.

– Нічога падобнага. Ён добры дзед. Разумны дзед.

– Лепш бы ты сябраваў з гэтым маладым – Лагуном. Харошы хлопчык. Я яго, здаецца, нават памятаю. Яшчэ з тых часоў, з Акцябрскага. Ён мне нават крыху падабаецца. Сімпатычны, таленавіты.

– Сімпатычнага і таленавітага пакахаць кожная зможа, – адказаў рэжысёр. – А вось звычайнага, простага…

– Не кажы так. Я не люблю.

– У мяне ўвогуле дзіўная роля ў жыцці. Я даўно заўважыў. Нібыта мне наканавана быць на падхваце ці на разагрэве. Я прыдумляю сюжэт, а сцэнар пішуць і фільм ставяць іншыя. Я кахаю дзяўчыну, яна, дзякуючы гэтаму, раскрываецца, расцвітае, як кветка, а ляцяць на яе пах і п’юць з яе нектар іншыя…

– Не кажы так. Мужчына не павінен быць інфантыльным. А сама горш – сквапным.

– Што гэта ты ўсё пра сквапнасць?

Рыта патрымала ў пальцах цыгарэту і схавала назад у пачак.

– Памятаеш, я расказвала пра паездку на здымкі? Тры гады назад? Жылі ў горадзе, у гатэлі, з Інгай, дарэчы, у адным нумары. Побач з намі жыў сусед. Снедалі разам за адным сталом. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца. А вечарамі я яго вадзіла ў рэстаран, а не наадварот.

– Так падабаўся табе?

– Проста сябравала з ім. Ну, не – падабаўся, канечне. Старэйшы за мяне, і намнога, але сімпатычны, прыгожы. Прыехаў з поўдня па справах, купляць зямлю з домам. Хваліўся, што скора стане памешчыкам.

– Як Чычыкаў?

– Прыблізна. І такі ж сквапны. Практычна за мой кошт жыў месяц. Неверагодна скупы. Каб я была яго жонкай, дык, мабыць, лічыў бы, як крот Дзюймовачцы, колькі зярнят у дзень з’ядаю. Усё пра эканоміку гаварыў, пра стабільнасць. А сам на званках тэлефонных эканоміў.

– Не можа быць.

– Неяк папрасіў пазваніць, а мой тэлефон стаяў на зарадцы. А яму прыспічыла. Мы зайшлі ў наш нумар, Інга была ў душы, шумела вада, яе тэлефон ляжаў на століку. “Набяры, калі ласка, – папрасіў ён, – вельмі важны званок”. Я ўзяла тэлефон, ён прадыктаваў нумар… І раптам у тэлефоне, мне падалося, нешта выбухнула, трэснула – я думала, ён узарвецца зараз, і кінула яго на падлогу. Аказваецца, там, куды званілі, была навальніца, і званок супаў з ударам маланкі.

І змоўкла, відаць, успамінаючы.

– Дык чым скончылася?

– Тэлефон цэлы. Каб Інга не бачыла, я выдаліла званок.

– Не, сяброўства вашае чым скончылася?

– Вельмі банальна. У мяне пачалі канчацца грошы, і ён знік, растварыўся, прапаў. Нават змяніў прозвішча, як я пазней даведалася.

– Не бойся. Я не ўцяку і не памяняю прозвішча, – засмяяўся рэжысёр.

Але Рыта нічога не адказала. Дождж нарэшце стаў не такі спорны. Рыта пайшла да метро, а рэжысёр – у зваротным кірунку, у рэстаран, дзе ўжо чакаў яго Іван Барысавіч Вечка.


27

Як і паўгода назад, яны сядзелі ў рэстаране, за тым самым, што і некалі ў канцы зімы, столікам. Нават каньяк перад імі цямнеў у графіне той самай маркі. Толькі замест шакаладу быў парэзаны і пасыпаны цукрам лімон. Іван Барысавіч пасля смерці Хрушчанкі баяўся нават дакранацца да ўсяго, што ўтрымлівае арахіс. Ды яшчэ адзенне на іх памянялася – было лёгкае, амаль летняе. Яны сядзелі, выпівалі і абмяркоўвалі апошнія падзеі. Дождж ціха, манатонна, неяк утульна крапаў за вакном. Іван Барысавіч ужо расказаў рэжысёру, што яны будуць разам працаваць над сцэнарыем, новая гендырэктарка Інга сама прапанавала. А таксама пахваліўся распіскай.

– Во, аддала, – памахаў паперкай, – і нічога за гэта не папрасіла. Я цяпер вольны чалавек.

– Не толькі ж распіска, – сказаў рэжысёр. – Вы многа чаго паспелі. І Лагун уладкаваны, і Інга павышана… Усё атрымалася, як было задумана, і нават яшчэ лепш. Я не чакаў.

– Я сам не чакаў.

– Цяпер разумею пра тры зайцы, – чамусьці перайшоў на шэпт рэжысёр. – А прызнайцеся: вы ўсё ведалі наперад?

– Што ты, сябра!

– Я толькі цяпер пачынаю разумець. Гэта ж і ёсць ваш сцэнарый. Той самы, пра які вы расказвалі, які абяцалі рэалізаваць не на паперы, а ў жыцці!

Рэжысёр стараўся шаптаць, але атрымлівалася так гучна, што лепш бы ён гаварыў уголас.

– У вас атрымаўся добры сцэнарый.

– Ну што ты. Усё само так склалася. Хаця – часта, каб справакаваць лавіну, дастаткова пляснуць у ладкі. Я хацеў усяго толькі забраць распіску і міжволі, сам не жадаючы, прывёў у рух цэлы механізм.

– Усё адно вы з гонарам выйшлі з сітуацыі. Пераможцам!

– Ну што ж. Хоць нешта ў гэтым жыцці ў мяне атрымалася.

Выпілі.

– Але што цяпер? – спытаў рэжысёр.

– Больш я нікому нічога не вінен. Нарэшце змагу пісаць пад сваім іменем. І буду жыць далей.


Скачать книгу "Сцэнарыст" - Андрей Федоренко бесплатно


100
10
Оцени книгу:
0 0
Комментарии
Минимальная длина комментария - 7 знаков.
Внимание